Новости проекта
Обязательно к прочтению
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Інавацыйны праект 2018-2022 гг.

Дата: 15 октября 2016 в 08:38, Обновлено 25 сентября 2018 в 06:53

У 2018 г. калектыў ДУА “Скрыгалаўская сярэдняя школа імя М.І.Шлягі Мазырскага раёна” пачынае работу над новым інавацыйным праектам “Укараненне этнакультурных тэналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”.  Кансультантамі праекта выступяць дацэнт кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі”, кандыдат педагагічных навук Іна Мікалаеўна Слесарава, старшы выкладчык кафедры беларускай і рускай мовы, намеснік дэкана факультэта пачатковай і музычнай адукацыі МДУ імя Аркадзя Куляшова Дзмітрый Аляксандравіч Доўгаль і метадыст вышэйшай катэгорыі ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” Таццяна Фадзееўна Пашковіч.

Мэта інавацыйнага праекта – фарміраванне і развіццё асобы вучня, гатовай да ўмацавання культурнай і гістарычнай ідэнтычнасці беларускага народа; забеспячэння захавання, развіцця, распаўсюджвання і папулярызацыі беларускай нацыянальнай гісторыі, культуры і мовы праз эвалюцыяніраванне этнакультурных традыцый у межах адукацыйнага асяроддзя установы адукацыі.

Удзельнікі праекта: педагогі, вучні, бацькі, грамадскасць.

Задачы інавацыйнага праекта:

  • распрацаваць і рэалізаваць сістэму кіраўніцтва, якая забяспечвае ўключэнне педагогаў ў працэс рэалізацыі інавацыйнага праекта шляхам авалодання этнакультурнымі тэхналогіямі на аснове сучасных прынцыпаў менеджменту;
  • забяспечыць на ўсіх этапах рэалізацыі інавацыйнага праекта навукова-метадычнае суправаджэнне, якое будзе садзейнічаць самаадукацыі педагогаў сродкамі тэарэтычнага асэнсавання канцэптуальных асноў праекта і вызначэння кірунку індывідуальных педагагічных даследаванняў для фарміравання і развіцця інавацыйнага педагагічнага вопыту;
  • стварыць сістэму метадычнай работы (арганізаваць метадычнае суправаджэнне), якая забяспечыць прыняцце педагагічнымі работнікамі этнапедагогікі як сацыягуманітарнай каштоўнасці і эфектыўнага сродку ўзбагачэння зместу адукацыі, створыць умовы для авалодання педагогамі этнакультурнымі тэхналогіямі ў спалучэнні з сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі;
  • узбагаціць і пашырыць адукацыйнае асяроддзе ўстановы адукацыі, закладваючы і развіваючы этнакультурныя традыцыі шляхам падтрымкі ініцыятыў вучняў, педагагічных работнікаў, законных прадстаўнікоў і сацыяльных партнёраў, праз спалучэнне культуры і педагагічных здабыткаў для фарміравання і развіцця вучня як захавальніка і носьбiта нацыянальна-культурных каштоўнасцей;
  • арганізаваць псіхолага-педагагічнае забеспячэнне інавацыйнага праекта, якое садзенічае фарміраванню і развіццю этнакультурнай кампетэнцыі ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу;
  • стварыць спрыяльныя ўмовы для працэсу фарміравання, прадстаўлення і трансляцыі педагогамі інавацыйнага педагагічнага вопыту ў галіне этнапедагогікі, распрацаваць метадычныя матэрыялы па ўкараненні яго ў масавую адукацыйную практыку.

Актуальнасць праекта

Для сучаснага этапу развіцця грамадства характэрныя два палярныя цывілізацыйныя працэсы: развіццё тэндэнцый уніфікацыі, з аднаго боку, а з другога – захаванне этнакультурнай своеасаблівасці народаў. У сувязі з гэтым узнікае неабходнасць падрыхтоўкі высокакультурных і адукаваных членаў грамадства, якія могуць жыць і працаваць у поліэтнічным асяроддзі, якія ведаюць і паважаюць сваю этнічную культуру і культуру іншых этнічных груп, здольныя спалучаць нацыянальныя і інтэрнацыянальныя інтарэсы. Гэта актуалізуе праблему фарміравання асобы, здольнай паспяхова функцыянаваць ва ўмовах неаднароднага этнічнага асяроддзя, асобы, якая валодае высокім узроўнем этнакультурнай кампетэнтнасці, як сусветную праблему сацыяльна-культурнага характару. З мэтай вырашэння гэтай праблемы ЮНЕСКА ў 2005 г. ратыфікавала Канвенцыю “Аб ахове і падтрымцы разнастайных форм культурнага самавыяўлення”, дзе адной з асноўных мэт вызначана мэта “аховы і заахвочвання разнастайных форм культурнага самавыяўлення”.

Праз прызму культурнай і гістарычнай спадчыны вучонымі Беларусі ўзнята і актыўна абмяркоўваецца праблема павышэння якасці чалавечага капіталу краіны. У Стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018 – 2040», падрыхтаванай Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі да II з’езда вучоных, адным з асноўных накірункаў павышэння якасці чалавечага капіталу ў Беларусі вызначаны наступныя: “…умацаванне культурнай і гістарычнай ідэнтычнасці беларускага народа; забеспячэнне захавання, развіцця, распаўсюджвання і папулярызацыі беларускай нацыянальнай гісторыі, культуры і мовы”.

Стагоддзямі назапашаны народны вопыт можна разглядаць як эфектыўны рэсурс для навучання і выхавання падрастаючага пакалення, таму ўзнікае неабходнасць мэтанакіраванай працы па фарміраванні ў навучэнцаў погляду на нацыянальную культуру як на фундаментальную духоўную каштоўнасць народа. Сфарміраванасць этнакультурных кампетэнцый, на наш погляд, з’яўляецца  важным падмуркам для фарміравання агульначалавечых і духоўных кампетэнцый асобы грамадства.

2018 г. у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены Годам малой радзімы. Гэта дае магчымасць вырашаць праблему фарміравання каштоўнасцяў навучэнцаў як асобы, развіцця ў іх этнакультурнай кампетэнцыі, спалучаючы духоўна-культурную спадчыну і лепшыя навуковыя і практычныя педагагічныя здабыткі.

Актуальнай і вострай на сённяшні дзень з’яўляецца праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў, вядучая функцыя якой яднанне этнічнай супольнасці. Наша мова ўключана ЮНЕСКА ў спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Рэальна беларуская мова як сродак камунікацыі жыве ў вёсках у выглядзе гаворак і ў колах творчай інтэлігенцыі, якая імкнецца зберагчы нацыянальны скарб для нашчадкаў. Па дадзеных перапісаў насельніцтва Беларусі, зніжаецца колькасць беларусаў, якія лічаць роднай беларускую мову: 1979 г –  83,5%, 2009 г – 60,8%. Таксама скарачаецца працэнт беларусаў, што размаўляюць па-беларуску дома: калі ў 1999 годзе іх было 41,3%, то ў 2009 годзе – толькі 26%. Указаныя тэндэнцыі сведчаць аб пэўным заняпадзе цікавасці да беларускай мовы і культуры, што знаходзіцца ў супярэчнасці з дадзенымі, па якіх большасць насельніцтва краіны лічыць сябе этнічнымі беларусамі (83,7% па дадзеных перапісу).

Сучасная моўная сітуацыя Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Сёння, гаворачы пра стан і перспектывы развіцця беларускай мовы, даследчыкі ўказваюць на сімвалічнае значэнне мовы, адзначаючы, што камунікатыўная роля ёй амаль не ўласціва. Мова для многіх беларусаў выконвае пераважна сімвалічную функцыю: чалавек ведае, што ён беларус, што яго продкі жылі ў Беларусі, ён сам у пэўнай ступені валодае беларускай мовай, але ў рэальным жыцці ёю не карыстацца.

Праблема заняпаду беларускай мовы знайшла адлюстраванне і ў адукацыі. На жаль, толькі 23,3% вучняў навучаюцца ў школах з беларускай мовай навучання. У асноўным, беларускамоўныя школы функцыянуюць у сельскай мясцовасці, але ў сувязі з дэмаграфічнай праблемай іх кольсць з кожным годам катастрафічна змяншаецца. Колькасць вучэбных прадметаў, якія даюць магчымасць вучням авалодаць ведамі аб этнакультурным асяроддзі, абмежаваная. Адпаведную інфармацыю можна сустрэць у рамках вучэбных прадметаў “Гісторыя Беларусі”, “Сусветная мастацкая культура”, “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.

Такім чынам, этнакультурная ідэнтычнасць, якая складаецца з ведання сваёй гісторыі, культуры, фальклору, самабытнага музычнага, танцавальнага, тэатральнага мастацтва і літаратуры, праяўляецца праз мову як праз самы яркі сродак ідэнтыфікацыі. Захаваць мову можна толькі праз сацыякультурную сферу, да якой належыць сям’я, установы адукацыі, нацыянальна-культурныя цэнтры, сродкі масавай інфармацыі, навукова-даследчыя і адміністрацыйныя ўстановы.

Сучасны адукацыйны працэс – з’ява шматгранная, яна адлюстроўвае складанасці і супярэчнасці ў жыцці грамадства, рэагуе на яго запыты. Сучаснасць патрабуе ад педагогаў новых падыходаў да арганізацыі адукацыйнага працэсу, пошуку эфектыўных форм работы з вучнямі, якія пашыраюць іх веды, павышаюць матывацыю да вучобы, стымулююць творчую актыўнасць, выхоўваюць маральную культуру і забяспечваюць паспяховую сацыялізацыю. У нашай установе адукацыі выкладанне вучэбных прадметаў вядзецца на беларускай мове, ажыццяўляецца вывучэнне, далучэнне і творчае засваенне навучэнцамі традыцый беларускага народа ў вучэбнай рабоце праз факультатыўныя заняткі, уключэнне здабыткаў культуралагічнай і гістарычнай спадчыны як дадатковага кампанета вучэбных заняткаў, рэалізацыя выхаваўчай мэты вучэбных заняткаў. Існуе сістэма пазакласных мерапрыемстваў, актыўных форм арганізацыі сумеснай дзейнасці бацькоў і дзяцей на аснове творчага асэнсавання народна-педагагічнага вопыту і сучасных падыходаў у выхаванні ў межах сацыяльнай, ідэалагічнай і выхаваўчай работы класных кіраўнікоў. Гэта прасочваецца ў сістэме музейных заняткаў і мерапрыемстваў ў справе захавання, развіцця і прапаганды нацыянальнай культуры, пераемнасці народных традыцый у межах дзейнасці музея “Мой родны кут”; вывучэнні, далучэнні і творчым засваенні навучэнцамі традыцый беларускага народа  ў межах рэалізацыі адукацыйнай праграмы аб’яднання па інтарэсах “Спадчына”; правядзенні сумесных мерапрыемстваў з супрацоўнікамі Скрыгалаўскага сельскага дома культуры, сельскай бібліятэкі, царквы Святога мучаніка Макарыя ў вёсцы Скрыгалаў.

Выкарыстанне этнакультурных тэхналогій у адукацыйным працэсе будзе садзейнічаць адраджэнню нацыянальных культурных традыцый – фальклору, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных промыслаў і рамёстваў, захаванню і развіццю роднай мовы, – стварэнню ўмоў для фарміравання і развіцця этнакультурнай кампетэнтнасці навучэнцаў, усведамлення імі сваёй самабытнасці і непаўторнасці як беларусаў, а таксама паважлівых адносін да прадстаўнікоў іншых культур.

Чакаемыя вынікі

  1. Сфарміраванасць у суб’ектаў адукацыйнага працэсу этнакультурнай кампетэнтнасці, якая выяўляецца ў гатоўнасці да ўмацавання культурнай і гістарычнай ідэнтычнасці беларускага народа; забеспячэння захавання, развіцця, распаўсюджвання і папулярызацыі беларускай нацыянальнай гісторыі, культуры і мовы.
  2. Сфарміраванасць у педагогаў ктраўніцкай кампетэнцыі, якая забяспечвае ажыццяўленне самаадукацыі ў галіне этнакультурнай педагогікі; фарміраванне, апісанне і прадстаўленне інавацыйнага педагагічнага вопыту; праяўленне ініцыятывы ў стварэнні і замацаванні традыцый установы адукацыі па ўкараненні этнакультурных тэхналогій у адукацыйны працэс; гатоўнасць да распрацоўкі планава-стратэгічных дакументаў, якія прызнаюць этнакультуру як сацыягуманітарную каштоўнасць, а этнапедагогіку як эфектыўны сродак ўзбагачэння зместу навучання і выхавання.
  3. Стварэнне студыі фітадызайна “Славянскі вянок”, фальклорна-драматычнага гуртка “Спадчына”, аб’яднання па інтарэсах “Калаўрот”, вакальнага гуртка “Расінкі” шляхам падтрымкі ініцыятыў вучняў, педагагічных работнікаў, законных прадстаўнікоў і сацыяльных партнёраў, якія садзейнічаюць фарміраванню і развіццю вучня як захавальніка і носьбiта нацыянальна-культурных каштоўнасцей.
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.