16 і 17 мая ў аграгарадку Крынічны на базе сярэдняй школы праходзіў фестываль інавацыйных ідэй “Адкрыцце”. Мерапрыемства сабрала 22 установы адукацыі з Мазырскага раёна і Нараўлянскага раёна і больш за 100 удзельнікаў. Фестываль накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва ў педагагічным асяроддзі, выяўленне і падтрымку таленавітых, актыўных педагогаў і вучняў. Ён праводзіцца з мэтай абагульнення, прадстаўлення і трансляцыі інавацыйнага прафесійнага вопыту.
За 2 дні ўдзельнікі фестываля выступілі ў 4 конкурсных намінацыях: выстава інавацыйнай дзейнасці (для ўсіх удзельнікаў), стэндавы даклад (установы адукацыі, якія працуюць над праектам 2-гі і 3-ці год), творчае прадстаўленне інавацыйнага вопыту работы (2-гі год), майстар-клас (3-ці год).
Скрыгалаўская сярэдняя школа імя М.І.Шлягі працуе над праектам "Укараненне этнакультурных тэналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі" першы год, таму ўдзельнічала толькі ў адной намінацыі – выставе дасягненняў інавацыйнай дзейнасці. Настаўнікі нашай школы прывезлі ў Крынічны інфармацыйны банэр па новым праекце, планы канспекты ўрокаў, тэст па гаворках Мазырскага Палесся, а таксама прадэманстравалі новы выпуск нашага кулінарнага відэаблога.
Сёлета нам не давялося атрымаць узнагароду - дужа моцнымі былі канкурэнты. Але вопыт атрыманы, праз год мы прыедзем мацнейшымі і больш падрыхтаванымі. А пакуль вашай увазе невялікая фотасправаздача з мерапрыемстваў фестываля.